Хто ахоўвае Ціханоўскую: прафесіяналы ці валянтэры?

І як ахоўваюць кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнку — піша Радыё Свабода.

Сьвятлана Ціханоўская і Марыя Калесьнікава на пікеце ў Барысаве 23 ліпеня 2020 году

На перадвыбарчых пікетах Сьвятланы Ціханоўскай — 19 ліпеня ў Менску на плошчы Бангалор і ў Барысаве 23 ліпеня — можна было пабачыць некалькі маладзёнаў, якія выконвалі функцыі ахоўнікаў. Гэта прафэсіяналы ці валянтэры? І ці ёсьць ахова ў іншых кандыдатаў на прэзыдэнта?

У аб'яднанай камандзе працуюць як валянтэры, якія наладзілі сыстэму бясьпекі ў штабе Віктара Бабарыкі, гэтак і валянтэры Сьвятланы Ціханоўскай.

Як прадстаўнікі каманды патлумачылі Свабодзе, пазаведамасная ахова МУС Беларусі раней адмовілася заключаць дамову зь Віктарам Бабарыкам, а апошнім часам зьявілася мноства інфармацыі ад неабыякавых грамадзян пра тое, што супраць Сьвятланы Ціханоўскай магчымыя правакацыі.

Актывіст штабу Віктара Бабарыкі Глеб Германчук запэўніў, што да прафэсійных ахоўнікаў яны не зьвярталіся — усё, што робіцца для аховы, робіцца валянтэрамі.

— Яны як валянтэры адгукнуліся на заклік яшчэ Віктара Бабарыкі і прыйшлі ў ягоную каманду, а цяпер дапамагаюць Сьвятлане. Дзяўчат трэба і да сцэны давесьці, і потым прасачыць, каб усё прайшло добра, паднесьці кветкі, ваду. Зрабіць, каб было зручна ўсім: Ціханоўскай, Калесьнікавай і Цапкале.

Штат і дзейнасьць Службы бясьпекі Лукашэнкі — таямніца

Для аховы дзейнага прэзыдэнта Беларусі пасьля першых прэзыдэнцкіх выбараў на базе ўправы КДБ і групы «Альфа» была створана Служба бясьпекі прэзыдэнта, якая і займалася аховай Аляксандра Лукашэнкі падчас чатырох выбарчых прэзыдэнцкіх кампаній, што прайшлі з 1994 году.

Штат і дзейнасьць Службы бясьпекі прэзыдэнта — таямніца, у тым ліку невядома, колькі службоўцаў у гэтай структуры. Паводле былога контравыведніка Сяргея Аніські, на пачатку 2000-х гадоў у Службе бясьпекі прэзыдэнта магло служыць больш за тысячу чалавек, якіх звычайна набіралі з супрацоўнікаў МУС, КДБ і вайскоўцаў.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб згодны зь лічбай, якую называе Сяргей Аніська, але лічыць, што такая колькасьць ахоўнікаў непатрэбная. Паводле Мечыслава Грыба, яго як кіраўніка дзяржавы ў 1994 годзе ахоўвалі ўсяго 9 чалавек з адмысловай управы КДБ.

Картэж Лукашэнкі перад інаўгурацыяй 6 лістапада 2015 года

Невядомы і сярэдні памер заробкаў службоўцаў СБП. Аднак экспэрты мяркуюць, што заробкі там значна большыя, чым у іншых структурах, якія займаюцца аховай.

Паводле закону «Аб дзяржаўным бюджэце» ў 2019 годзе на патрэбы СБП выдзялялася амаль 18 мільёнаў даляраў.

З 1994 году на пасадзе кіраўніка Службы бясьпекі прэзыдэнта Беларусі зьмянілася 11 чалавек. Больш за іншых, ажно 7 гадоў, гэтай структурай кіраваў Андрэй Уцюрын, якога цяпер судзяць за хабарніцтва. У ліпені пракурор папрасіў для Ўцюрына 14 гадоў зьняволеньня. Прысуд былому галоўнаму ахоўніку Лукашэнкі яшчэ не абвешчаны.

З 2017 году Службай бясьпекі Лукашэнкі кіруе Зьміцер Шахраеў.

Свабода праз Telegram даслала пытаньне прэсаваму сакратару Аляксандра Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, ці не павялічылася ахова кіраўніка дзяржавы падчас выбарчай кампаніі, але пакуль адказу не атрымала.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.5 (оценок:50)