Шушкевіч: «Нармальным чынам выбраць Лукашэнку немагчыма»

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі — пра арышты ўдзельнікаў выбарчай кампаніі і паводзіны ўладаў.

Станіслаў Шушкевіч, архіўнае фота 2018 году

Станіслаў Шушкевіч пільна сочыць за выбарчай кампаніяй і асуджае арышты яе ўдзельнікаў.

— Для мяне поўная нечаканасьць тое, што адбылося зь вядомымі асобамі, — сказаў палітык у інтэрв’ю Радыё Свабода. — Нахабства нашай улады не параўнальнае ні з чым. Трэба ўсяго баяцца, бо нашая ўлада супраць нашай дзяржавы, супраць нашага народу. А на чале — прэзыдэнт, які хоча быць пры ўладзе. Розныя вэрсіі, якія высоўваюцца супраць кандыдатаў у кандыдаты, — гэта ўсё творчасьць хеўры нашага прэзыдэнта і тых, каму ён добра плаціць за народны кошт, зь людзкіх падаткаў».

Цяпер Станіслаў Шушкевіч, які падтрымлівае Сяргея Чэрачня, чакае рэгістрацыі кандыдатаў.

— Я чакаю, як будзе сябе паводзіць улада. Яна будзе выбіраць такі сродак, каб Лукашэнку абраць пераважнай большасьцю, — тлумачыць палітык. — А відавочна абсалютна, што ані пра якую ягоную большасьць сёньня нельга гаварыць. Калі за яго подпісы зьбіралі, каля ягонага століка ніводнага чалавека не было.

Усё залежыць ад таго, якое рашэньне цяпер прыме так званая ЦВК, які чарговы фарс яна плянуе. Бо нармальным чынам выбраць Лукашэнку немагчыма. Ён не набярэ 50% галасоў ані ў якім разе пры той непапулярнасьці, якую мае ў краіне.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.9 (оценок:87)