Улад Швядовіч, Наша ніва

«Амапавец кажа: «Я таксама з вамі, але не ведаю, што мне рабіць». Гісторыя легендарнага фота з 9 жніўня

9 жніўня сеціва абляцела фота, дзе сілавік ідзе пад руку з пратэстоўцамі і салютуе шчытом. «Наша Ніва» пагаварыла з хлопцам з таго фота, ён распавёў, што адбывалася.

«Гэта было 9 жніўня на Нямізе, насупраць Палаца спорту», — узгадвае Максім. Гэта ён, падкачаны хлопец з дрэдамі, ідзе пад руку з амапаўцам на здымку.

Максім расказвае:

«Спачатку я стаяў адзін насупраць шэрагу сілавікоў, вакол пратэстоўцы амаль усе разбегліся. Я ўжо сарваў голас, калі штосьці ім крычаў, таму я проста стаяў і глядзеў на іх. А чаму не? Я ж у сваёй краіне.

Амапаўцы час ад часу лупілі па шчытах, але не чапалі. Страшна мне не было — бо тады ж яшчэ ніхто не ведаў, што сілавікі робяць з людзьмі пасля затрыманняў.

Фота Дзмітрыя Брушко, TUT.BY

У нейкі момант да мяне далучыліся двое, мужчына і жанчына. Я іх не ведаў, яны проста падышлі і ўсталі побач».

У нейкі момант АМАП пайшоў наперад.

«Я не адыходзіў, сілавікі прайшлі скрозь мяне, пару разоў ударылі. Білі дубінкамі, шчытамі, нагамі. Але я ляжаў на зямлі, пасміхаўся і глядзеў ім у вочы. Я шмат займаўся спортам, адзінаборствамі, і фізічны боль са мной не працуе — хай топчуць мяне, мне ўсё роўна, — кажа Максім. — Пасля амапаўцы паднялі мяне, але затым чамусьці вырашылі зноў скруціць і пакласці на зямлю. Я падыграў, лёг.

І тут адзін з амапаўцаў узяў мяне, і, як я разумею, збіраўся цягнуць у аўтазак. У той момант да мяне зноў падышлі тыя мужчына і жанчына.

Я пачаў ветліва казаць амапаўцу: «Што ж ты робіш? Навошта? Мы ж адзін народ!»

І ён раптам кажа: «Ды я на вашым баку, але такая праца».

Я адказваю: «Якая ж гэта праца, выконваць злачынныя загады супраць сваіх жа людзей?»

У выніку, расказвае Максім, амапавец узяў яго пад руку і разам з тымі людзьмі, якія падышлі, вывеў за спіны сілавікоў.

«Каму ён там салютаваў шчытом, калі шчыра, я ўжо не памятаю. Але ён правёў нас за шэраг АМАПу, там і адпусціў. Кажа, ідзіце дадому. Я адмовіўся, кажу — буду са сваім народам. Амапавец кажа: я таксама з вамі, але я не ведаю, што мне рабіць», — узгадвае Максім.

Затым Максім з тымі двума пратэстоўцамі сышоў. Далейшы лёс байца, які іх вывеў, ён не ведае.

«Але ў першы дзень не ўсе амапаўцы былі быдлам. Так, былі тыя, каму ў кайф было збіваць людзей. Але шмат хто проста рабіў выгляд, што лупіць, удары былі дакладна не ў поўную сілу, — запэўнівае Максім. — І калі стаіш перад амапацамі, кажаш ім у твар, у вочы: «Што вы робіце, вы ж бачыце, што мы не наркаманы, не забойцы?..» У такія моманты было бачна, што сілавікі ўсё разумеюць».

Праўда, пасля Максім кажа, што вымушаны быў з’ехаць з Беларусі. Сёння ён у Лондане.

«Дома былі пастаянныя ператрусы, на мяне завялі некалькі спраў. У выніку я з’ехаў. У Беларусі ў мяне быў бізнэс, але я яго прадаў, прадаў аўто, узяў свае ашчаджэнні. І выбраў Лондан, бо тут клімат падобны на Беларусь, годныя зарплаты, узровень жыцця. Цяпер буду вучыцца, выбіраю паміж акцёрам і інжынерам-будаўніком, — кажа Максім. — Бацькі мае з Расіі, але жылі ў Беларусі вельмі доўга. Цяпер яны таксама вярнуліся ў Расію. Падзеі жніўня-верасня сталі апошняй кропляй».

Максім таксама растлумачыў, чаму выйшаў на вуліцу пасля выбараў:

«Я нарадзіўся пры гэтым прэзідэнце, але ён мне не падабаецца. Я паездзіў па свеце, быў у Еўропе, ЗША, Канадзе. І каб у цэнтры Еўропы былі такія заробкі і пенсіі, як у нас — гэта абсурд. У нас жа няма катаклізмаў, вулканаў, цунамі, чаму тады краіна не можа жыць нармальна? Прычына відавочная — нелігітымны прэзідэнт».

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.9 (оценок:68)